2/21/2018

Летапіс горада на Бярэзіне - XV стагоддзе

1413 г. Паводле Гарадзельскай прывілеі адбываецца пераўтварэнне Віленскага і Троцкага княстваў у ваяводствы. Бабруйск становіцца рэзідэнцыяй вялікакняжацкага намесніка (старосты), які быў падпарадкаваны віленскаму ваяводзе. У склад судова-адміністрацыйнай акругі троцкага ваяводы ўваходзіла «троцкая половина» Бабруйскай воласці, дзе быў свой намеснік.

«У Бабруйскай волосці збіраецца чынш, потым натуральная даніна збожжам, курамі, гусямі, яйкамі, сенам, ільном, медам. Акрамя таго, валашане адбываюць «падводы», 2-дзенную паншчыну, талокі, варту. Здабыча воску і меду мае яшчэ большае значэнне. У воласці водзяцца бабры, і бабровыя гоны складаюць дадатковы прыбытак сельскай гаспадаркі. Аднак устава ўжо забараняе сялянам прадаваць баброў на бок. «Вряд» купляе баброў па справядлівых цэнах і толькі ў выпадку нежадання яго (купляць) дазваляецца іх прадаваць на бок. Вялікіх звяроў у бабруйскіх пушчах ужо няма і толькі выпадкова яны з'яўляюцца тут пераходам. У Бабруйскай уставе строга забараняецца будаўніцтва новых дарог. Тая ж установа апавядае, што ў весках былі свае скупшчыкі сялянскай прадукцыі, былі сельскія гандляры, што скуплялі мед, бабровае футра і інш. Акрамя таго, у селы прыязджалі гандляры з Бабруйска, а таксама чужыя. Такім чынам, не трэба было селяніну ездзіць у горад. Устава паўстае супраць гэтага звычаю, бо прыезджыя гандляры крыўдзяць сялян, зніжаючы цану, і патрабуе, каб сяляне свае прадукты адвозілі ў гандлевыя дні ў Бабруйск. Такім чынам, з рынкам звязаны такія формы вытворчасці, ад якіх вее глыбокай даўніной і якія ўяўляюць сабой надзвычай інтэнсіўныя спосабы эксплуатацыі прыродных багаццяў - лесу».

Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі Мн., 1994. С. 171.

Рэзідэнцыяй вялікакняжацкага намесніка (старосты) быў Бабруйскі замак, які існаваў ад XIV да XVIII ст. у Бабруйску на правым узвышаным беразе ракі Бярэзіны непадалеку ад сутоку з р. Бабруйкаю.

Бабруйск паступова становіцца гандлева-рамесным цэнтрам воласці.

Канец XV - пачатак XVI ст. Бабруйск ужо лічыўся значным вялікакняжацкім замкам з горадам (местам) пры ім.

А. М. Ненадавец «Летапіс горада на Бярэзіне (1387-1917)»

Комментариев нет:

Отправить комментарий